ДАРА́ДЧЫ ПАКО́Й у Рэспубліцы Беларусь і краінах СНД, ізаляванае памяшканне, у якім адбываецца нарада суда і дзе прымаецца рашэнне ці вызначэнне па разгледжанай справе; адна з гарантый незалежнасці суддзяў і тайны іх нарады перад вынясеннем прысуду. У час нарады ў Д.п. могуць знаходзіцца толькі суддзі, якія ўваходзяць у склад суда па дадзенай справе. Прысутнасць інш. асоб не дапускаецца. Суддзі не маюць права выдаваць меркаванні, якія мелі месца ў час нарады. Парушэнне тайны Д.п. з’яўляецца парушэннем закону і цягне адмену суд. пастановы.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 6, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)